Экспазіцыя "Жыццё і побыт сялян канца XIX – пачатку XX стагоддзя" займае плошчу 64 м.кв. і падзяляецца на наступныя раздзелы: "Сялянская хатка", "Сялянскае падвор’е". Выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўлена вырабамі з саломкі, гліны, прыродных матэрыялаў.
Наступныя экспазіцыі знаходзяцца ў другім памяшканні плошчай 38 м.кв.
Экспазіцыя "Наша святыня" расказвае аб гісторыі помніка драўлянага дойлідства на Лідчыне Ганчарскай Свята-Пакроўскай царкве. Раздзелы экспазіцыі змяшчаюць матэрыялы аб гісторыі храма, успаміны аб свяшчэнніках Мікалаю Усціновічу і Іаане Мяндзіле, фатаздымкі царкоўных прадметаў і дакументаў, царкоўнае аблачэнне, царкоўныя кнігі, лістоўкі, прадметы.
Экспазіцыя "Дарогамі вайны" уключае: фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Курылава Г.Д., Смаляк М.М., Каравайка К.П, якія пражываюць на тэрыторыі Ганчарскага сельскага савета, апісаны факты іх біяграфіі; успаміны вязняў фашысцкага канцлагера Грос Я.К. і Гайдук С.П.; спіскі і фатаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны; фотаздымкі помнікаў.
Экспазіцыя "Мінулае і сучаснае Лідскага льнозавода" расказвае аб гісторыі прадпрыемства. Тут змяшчаюцца фотаздымкі асноўных памяшканняў завода і тэхналагічнага працэса вытворчасці; прадукцыя (траста, саломка, валакно, семя, ільняныя галоўкі, кастра, льняное масла), старадаўнія прылады для апрацоўкі льняной трасты ў хатніх умовах і вырабу льняных нітак (церніца, грэбень, пранік, трапач, сукала, матавіла, калаўрот, прасніца).
Экспазіцыя "Генацыд – боль і гнеў" прадстаўляе інфармацыйны стэнд, які прысвечаны трагічнай тэме генацыда беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і на Лідчыне. Матэрыял суправаджаецца фотаздымкамі і картамі, кнігамі, прадметамі.
Экспазіцыя "Наша школа" адкрылася ў кастрычніку 2023 года. У экспазіцыі – 111 музейных прадметаў АФ і 68 – НДФ. Плошча – 10 м.кв. Экспазіцыя пастаянная. Тут прадстаўлены вучнёўская парта, школьныя прыналежнасці, старыя падручнікі пачатку XX ст., вучэбныя і наглядныя дапаможнікі, фатаграфіі і інш. Куток дапамагае ўзнавіць атмасферу савецкага часу, а невядомыя школьныя прадметы знаёмяць вучняў з адукацыйным працэсам мінулага стагоддзя.